«МОГИЛЁВСКИЕ ГУБЕ́РНСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,

афіцыйная газета; орган Магілёўскага губ. праўлення. Выдаваліся ў 1838—1917 у Магілёве на рус. мове. Складаліся з 2 частак: афіц. (з 2.7.1838; мела агульны і мясц. аддзелы) і неафіц. (з 14.7.1893; у 1904—05 выходзіла як самаст. грамадская і літ. газета). У 1838—49 выходзіла нерэгулярна, у 1849—58, 1864—69, 1905, 1914—17 — штотыднёва, у 1859—63, 1870—1903, 1906—12—2 разы на тыдзень, у 1904—3 разы на тыдзень. У 1897—1903 неафіц. частку рэдагаваў Е.Раманаў. У афіц. частцы публікаваліся пастановы, указы ўрада, губ. адміністрацыі, аб’явы, у неафіц. — краязнаўчыя матэрыялы па археалогіі і гісторыі, статыстыцы, адукацыі, этнаграфіі, фальклоры, мовазнаўстве, сац.-эканам. пытаннях, літ. і літ.-знаўчыя творы, асвятляла культ. жыццё Магілёва і губерні. Сярод публікацый: «Этнаграфічны нарыс» (1839), «Гісторыя Магілёўскага герба» (1842), «Гістарычны агляд Магілёўскай губерні» С.Сакалова (1848), «Орша (1250—1683 гг.)» З.Даўгялы (1898), «Да пытання аб этнаграфічнай карце беларускага племені» Я.Карскага (1902) і інш. Асобныя матэрыялы надрукаваны з захаваннем асаблівасцей бел. мовы, у т.л. «Магілёўскія прыкметы», «Загадкі», «Дзяды» (1849), «Каляды ў Сенненскім павеце» (1852), «Беларускія тэксты вярцепнага дзейства» Раманава (1898) і інш. Некаторыя матэрыялы газеты друкаваліся ў Магілёўскай губернскай друкарні. Усяго выйшла 25 кніг і брашура «Бяседа старога вольніка з новымі пра іхняе дзела» А.Кісяля (1861) як дадатак (замест неафіц. часткі).

І.А.Пушкін.

т. 10, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)